12 снежня 2025 г. на гістарычным факультэце БДУ адбыўся вечар памяці першага галоўнага рэдактара “БГЧ” Васіля Фёдаравіча Кушнера (01.10.1947 – 15.11.2025).
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.Ф.Кушнер узначальваў рэдакцыю на працягу 18 гадоў (1993–2011). Разам з камандай аднадумцаў ён здолеў стварыць адзіны ў краіне навукова-тэарэтычны, навукова-метадычны часопіс для вучоных-гісторыкаў, архівістаў, музейшчыкаў, мастацтвазнаўцаў, настаўнікаў, бібліятэкараў, краязнаўцаў, неабыякавых да гісторыі Бацькаўшчыны грамадзян.

Мадэратарам сустрэчы выступіла дацэнт кафедры гісторыі новай і навейшай гісторыі БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, настаўнік-метадыст Надзея Васільеўна Кушнер.
Прысутныя – выкладчыкі ВНУ нашай краіны – прыгадалі плённую дзейнасць у пачатку 1990-х гг. заснавальнікаў новага выдання – Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, гістарычны факультэт БДУ, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, грамадскае аб’яднанне “Веды”. Яны адзначылі няпростыя грамадска-палітычныя ўмовы, у якіх Васілю Фёдаравічу і яго аднадумцам давялося выпрацоўваць канцэпцыю і асноўную тэматыку часопіса, вызначаць кола аўтараў, збіраць прафесіяналаў выдавецкай справы.

Галоўны рэдактар “БГЧ” кандыдат педагагічных навук, дацэнт А.А.Корзюк падкрэсліў значную ролю першага галоўнага рэдактара і калектыву часопіса ў метадалагічным асэнсаванні айчыннай і замежнай навуковай думкі, сістэмнай працы з педагагічнымі кадрамі і грамадскасцю нашай краіны.
Намеснік галоўнага рэдактара Н.У.Матусевіч расказала пра асноўныя накірункі дзейнасці Васіля Фёдаравіча як аднаго з арганізатараў сучаснай гістарычнай навукі і адукацыі, вучонага, педагога, журналіста.

Удзельнікі мерапрыемства выказалі спачуванні родным і прыгадалі Васіля Фёдаравіча як адданага навукоўца і выкладчыка, грунтоўнага рэдактара, чулага калегу, цікавага суразмоўцу, прафесіянала сваёй справы.
Фота С. Вайтовіча і А. Корзюка.


