2 красавіка ў 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца святочная прэзентацыя мастацка-асветніцкіх праектаў часопіса “Роднае слова”, якія звяртаюцца да галоўнай тэмы 2026-га – Года беларускай жанчыны. У вясновай атмасферы будуць прадстаўлены супольныя ініцыятывы, што ажыццяўляюцца ў кожным нумары навуковага і метадычнага выдання і набліжаюць да спасціжэння жаночай мудрасці, таленту і прыгажосці праз мастацтва.
Сярод іх праект “Пакуль ты ёсць – працяг наш будзе віцца: Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі да Года беларускай жанчыны”, прэм’ера якога адбылася ў сакавіцкім выпуску “Роднага слова” і была прысвечана сучаснай жаночай паэзіі.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь выступае на старонках выдання з праектам “Лучнасць музаў: літаратурная спадчына і выяўленчае мастацтва”. Падчас мерапрыемства будзе экспанавацца твор, які належыць да залатога фонду гэтай установы і захоўвае вобраз адной з самых нязломных беларусак ХХ ст.: жывапісны партрэт Арыядны Казей, створаны мастачкай Лідзіяй Эрлер.
Плённае супрацоўніцтва часопіса з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь сёлета працягвае штомесячная рубрыка “Архітэктурная спадчына”, якая набыла выразны водсвет жаночай творчасці, а таксама “Арт-лекторый”, аўтары якога часта звяртаюцца да жаночых вобразаў у нацыянальным мастацтве.
Гасцей чакае вясновая праграма “Музычнай капэлы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і паказ калекцыі строяў “Беларуская маляванка”.
Наведаць мерапрыемства можна па ўваходным білеце ў музей.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 263 34 79, +375 (17) 379 45 62
Адрас: г. Мінск, вул. Леніна, 20.